Кафедры раманскіх моваў - 40 гадоў.

 

З 1962 года кафедра зазнала шмат розных арганізацыйных пераўтварэнняў. Яе прафесійна-педагагічны састаў мяняўся 6 разоў: у 1962/63 гг. гэта была кафедра французскай мовы, у 1963-1979 гг. - французскай і іспанскай моваў, у 1979-1982 гг. - французскай, іспанскай і лацінскай моваў, у 1982-1992 гг. - замежных (французскай, іспанскай, лацінскай, англійскай) моваў. З 1992 па 1996 г. яна называлася кафедрай раманскіх і класічных моваў, а ўжо з 1996 г. і дагэтуль - кафедрай раманскіх моваў. Калектыў кафедры зрабіў значны ўнёсак у беларускую раманістыку.

Першым загадчыкам кафедры (з 1962 г. па 1974 г.) быў дацэнт М.М. Полазаў. Яго наступніцамі сталі Т.Я. Святлова (1974-1978), кандыдат філалагічных навук, прафесар Н.А. Ганчарова (1978-1991), кандыдат філалагічных навук, дацэнт Л.В. Хвядчэня (1991–1992). З 1992 г. кафедру ўзначальвае кандыдат філалагічных навук, дацэнт Т.А. Мальцава.

На працягу ўсіх 40 гадоў сваёй дзейнасці кафедра арганізоўвала выкладанне французскай і іспанскай моваў на ўсіх факультэтах дзённай і завочнай формаў навучання, англійскай мовы – на ўсіх гуманітарных факультэтах, лацінскай мовы – на філалагічным і гістарычным факультэце БДУ.

Апроч таго, супрацоўнікі кафедры стваралі навукова-метадычныя дапаможнікі, распрацоўкі, дыдактычныя дапаможнікі і матэрыялы, аўдыёвізуальныя матэрыялы для навучання з выкарыстаннем найноўшых айчынных і замежных дасягненняў.

За апошні час створаны навучальна-метадычны комплекс па лацінскай мове для студэнтаў гістарычнага факультэта, рыхтуюцца электронныя версіі падручнікаў, навучальных дапаможнікаў, дыдактычных матэрыялаў па французскай мове, навучальна-метадычныя комплексы па французскай і іспанскай мовах. Варта адзначыць таксама, што кафедра актыўна займаецца распрацоўкай свайго сайта ў Інтэрнэце.

Супрацоўнікі кафедры распрацоўвалі тры навуковыя накірункі: функцыянаванне адзінак моўнай сістэмы ў працэсе камунікацыі; стварэнне сістэмы комплекснага метадычнага забеспячэння навучальнага працэсу ў курсах англійскай, французскай, іспанскай і лацінскай моваў для студэнтаў універсітэта; удасканаленне камунікатыўных навыкаў і ўменняў шляхам стварэння комплекса прафесійна накіраваных навучальна-метадычных дапаможнікаў з улікам выкарыстання найноўшых сродкаў навучання.

Кандыдацкія дысертацыі за гэты час абаранілі такія супрацоўнікі кафедры, як Ж.І. Дронская, Т.А. Мальцава, Л.Н. Мушчыніна, Г.І. Шаўчэнка, А.В. Гарнік, М.А. Лавыш. Званне прафесара за шматгадовую педагагічную працу і стварэнне навучальна-метадычнага комплекса было нададзена Н.А. Ганчаровай.

Супрацоўнікі кафедры выдалі звыш дзесятка падручнікаў, навучальных дапаможнікаў, слоўнікаў. Яны апублікавалі сотні артыкулаў. Загадчыца кафедры Т.А. Мальцава падрыхтавала да друку навуковую манаграфію.

Апроч таго, на кафедры рэгулярна праводзіцца рэцэнзаванне аўтарэфератаў кандыдацкіх дысертацый, рэдагаванне навуковых і навукова-метадычных зборнікаў. Да таго ж, кафедра раманскіх моваў – вядучая ўстанова па абароне кандыдацкіх дысертацый з прадастаўленнем адпаведных водгукаў.

Штогод выкладчыкі кафедры выступаюць з навукова-метадычнымі дакладамі на канферэнцыях рознага ўзроўню – агульнарэспубліканскіх (Мазыр, Гродна, Полацк, Горкі, Гомель), міжнародных (Мінск, Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Харкаў, Данецк, Львоў, Рыга, Ераван, Алматы), у тым ліку па-за межамі СНД (Францыя, Іспанія, Італія).

Значнасць міжнародных прафесійных кантактаў цяжка пераацаніць. Станаўленню і ўдасканальванню прафесійнага ўзроўню педагагічнага калектыву ў вялікай ступені спрыяюць камандзіроўкі і стажыроўкі за мяжой (Францыя, Іспанія, Бельгія, Алжыр, Куба, Рэспубліка Чад, Верхняя Вольта і інш.).

 

Т.А. Мальцава,

загадчык кафедры,

кандыдат філалагічных

навук, дацэнт,

 

Н.А. Ганчарова,

кандыдат філалагічных

навук, прафесар,

 

Ж.І. Дронская,

кандыдат філалагічных

навук, дацэнт

Hosted by uCoz